Вышыўка
Вышыўка адносіцца да аднаго з самых старажытных заняткаў чалавека. Традыцыі беларускага народа захаваліся ў вышыўцы на жаночай і мужчынскай вопратцы, ручніках, абрусах. У вышыўцы выкарыстоўваліся ваўняныя каляровыя ніткі.
Вышыванне здаўна лічылася ў беларусаў адным з неабходных заняткаў жанчыны (асабліва дзяўчыны-нявесты), хоць і з пэўнымі узроставымі абмежаваннямі. Жанчына ў замужжы прысвячала рукадзеллю не так шмат увагі — перш за ўсё з-за адсутнасці вольнага часу. Вышыванне было заняткам дзяўчыны ў той перыяд яе жыцця, калі ўсе намаганні і думкі скіроўваліся на вясельны куфар, на тое, каб назапасіць патрэбную колькасць рытуальных прадметаў, як след падрыхтавацца да сямейнага жыцця. Прыкладна з 12-15-гадовага ўзросту дзяўчына пачынала засвойваць працэс арнаментацыі іголкай. Першыя ўрокі браліся ў маці, чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных рамесніцкіх навыкаў. Вышывалі дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі.